Семейное дело Ничипоров. ООО «Звонь» собирает урожай смородины

Общество

Поспех таварыства з абмежаванай адказнасцю “Звонь”, як і ва ўсіх, хто працуе пад адкрытым небам, перш за ўсё залежыць ад надвор’я. Ці практычна цалкам ад надвор’я. А сёлетні сезон не пабалаваў ні на ўраджай, ні на прыдатны час для бясстратнай уборкі. Наадварот, не надта буйная ягада асыпалася пад уздзеяннем моцных ліўняў, а бясконцыя апошнімі тыднямі дажджы не давалі хутка закончыць пачаты працэс. “Бывалі гады, калі за дзесяць хвілін на маіх вачах уся ягада аказвалася пад кустом – такі моцны быў град, — гаворыць кіраўнік таварыства Ю.М.Нічыпар. Плюс ягадаўборачны камбайн тады браў у арэнду. Страты відавочныя. Раслінаводства — наогул справа рызыкоўная”.

А каб іх мінімізаваць, трэба як мага хутчэй сабраць ураджай. Ужо восьмы сезон Юрый Мікалаевіч не прыбягае да ручной уборкі чорнай парэчкі. Усе плантацыі за Бараўцамі, а гэта 25 гектараў, убірае механізаваным спосабам. Яшчэ ў 2008 годзе набыў камбайн — і цяпер ТАА “Звонь” поўнасцю ўкамплектавана наборам тэхнікі пад поўны цыкл вырошчвання ягад. Плугі, культыватар, касілка, апырсквальнік. Апошні, дарэчы, самі дарабілі, каб падыходзіў для апрацоўкі як кустоў, яблынь, так і раслін. З гэтым вялікіх праблем не паўстае, паколькі літаральна ўсе мужчыны ў сям’і Нічыпараў – інжынеры, таму рамонтам і ўдасканальваннем тэхнікі займаюцца самастойна. Як наогул усім.

За гады фермерства былы афіцэр на практыцы асвоіў агранамію. Старэйшы Мікалай працаваў у гаспадарках Ушаччыны, таму з раслінаводствам таксама знаёмы. І калі раней Юрый Мікалаевіч выклікаў акуліроўшчыкаў для прышчэпу кустоў і дрэў, то зараз і з гэтай спецыфічнай справай займаюцца самастойна. Працуе на пастаяннай аснове ў таварыстве ўсяго некалькі наёмных рабочых.

– Навучыўся сам, вучу і сыноў. Аб’ёмы зменшыліся, зараз толькі па 500 кустоў прышчэпліваем, калі раней па 15 тысяч. Паспрабуй столькі закупіць – у нашай справе проста неабходны матачнік. Першы ўжо састарэў, трэба ствараць новы, набываць матэрыял. Сёння ў “Звоні” растуць ягады трох сартоў – спецыяльна адаптаваных пад механізаваную ўборку. Два беларускіх і адзін шведскі. Іх спецыфіка – у адначасовым выспяванні ягад, а таксама ў раскідзістых галінах, прыдатных для ўборкі камбайнам.

Для большасці ўшачан ягадаўборачны камбайн – гэта амаль што экзотыка, прамысловым вырошчваннем ягад у нас ніхто не займаецца. А працэс і сапраўды цікаўны. Перш за ўсё тым, што на выхадзе маеш абсалютна чыстую ягаду, якую не трэба перабіраць. Яе тут жа на полі засыпаюць у невялікія скрыні, узважваюць і накіроўваюць да перапрацоўшчыкаў. Дакладней, прадстаўнікі “Полацкай ягады” прыязджаюць за ёй самі.

Збыт – гэта, на жаль, асноўны клопат фермера – нягледзячы на тое, што Ю.Нічыпар змяніў статут сялянска­фермерскай гаспадаркі на таварыства з абмежаванай адказнасцю — займаецца ўсё тымі ж відамі работ. Разводзіць ягаднік, сады, сее зерневыя і нават агародніну, калі ёсць попыт. Менавіта канчатковы запыт і фарміруе севазварот. Не так даўно пастаўляў цыбулю і іншую зеляніну санаторыю “Лясныя азёры”. Адпачываючыя таксама ласаваліся на дэсерт свежымі малінамі і парэчкамі. Невялікія партыі паставак былі, аднак штодзённыя і блізкія. Асноўны ўраджай оптам ішоў да буйных перапрацоўшчыкаў – на заводы. Аднак нягледзячы на тое, што Ю.М.Нічыпар займаецца прамысловым вырошчваннем ягад з 2003 года, мае  напрацаваныя сувязі, тым не менш рэалізацыя сыравіны не з’яўляецца простай.

– Сёлетні наогул неспецыфічны год. З заводамі адмаўляюся працаваць сам, бо нестабільныя разлікі. Кожны закупшчык імкнецца знізіць цану. Таму сёлета адпраўляю ягаду на замарозку ў полацкую фірму. Думаў пра гэты цыкл у сябе – тады б не залежаў ад нялёжкасці тавару, аднак лінія шокавай замарозкі пакуль не па кішэні. Сёлета вось зусім неўраджайны год. Усяго тоны тры ягад нарыхтавалі, калі было і 15.

Ёсць яшчэ адзін спосаб падзарабіць – здаваць тэхніку у арэнду. Юрый Мікалаевіч  “камандзіраваў” свой ягадаўборачны камбайн ажно ў Гродзенскую вобласць. І хоць ёсць запыты ад калег і на гэты сезон – раздумвае: надта дорага абыходзіцца потым рамонт.

Ці памяняў бы род дзейнасці на больш лёгкі, калі б пачынаў сваю справу сёння?

– Я аб гэтым не задумваўся. Лічу, што справа нават не ў тым, чым ты займаешся, а ў тым, што каб мець вынік – займацца трэба сур’ёзна. Мой працоўны дзень пачынаецца звычайна ў шэсць, а заканчвацца ў майстэрні можа з цёмным. Я не разлічваю на лёгкі хлеб, яго не бывае, ведаю гэта па працы бацькоў, па сваёй службе ў арміі. І сыноў на гэта нацэльваю.

І справа афіцэра запаса становіцца сямейнай. На пастаяннае месца жыхарства пераехаў Мікалай, нават будуе ў маляўнічым Гарадцы ўласны дом для сваёй мнагадзетнай сям’і. У Полацкім універсітэце працягвае вучобу малодшы Міхаіл і таксама працуе зараз разам з  бацькам і братам. Ушацкая “Звонь” стала якарам для гэтай прыезджай сям’і з Брэстчыны.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *