Приём граждан в Двор Паулье

Общество Официально

Чарговы прыём грамадзян па асабістых пытаннях першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча А.Я.Вайцянкоў праводзіў у вёсцы Двор Павулле. Па сутнасці, гэта дзве вёскі – адна, направа ад дарогі Павулле – Глыбачка, другая – налева, якая раней называлася Новае Жыццё. І ў першай, і ў другой рэдкія пастаянныя жыхары, толькі летам ажываюць хаты з прыездам дачнікаў, праўда, у большасці гэта і датычыцца першай вёскі, бо вельмі ўжо ў маляўнічым месцы, на крутым схіле да возера, размешчана яна. Маляўнічасці дадае і тое, што і пастаянныя жыхары, дачнікі, і людзі, якія з выхадам на пенсію жывуць у бацькоўскіх хатах, вельмі ўжо адданыя тым мясцінам, як могуць імкнуцца падтрымліваць парадак, на падворках чыста і дагледжана.
Вось і сабраліся яны ў альтанцы на падворку Дзіяны Паўлаўны Бароўскай, якая пастаянна жыве ў Полацку, а ў вёсцы, дзе набыла хату, навяла зайздросны парадак, з густам упрыгожыла яе і навокал.
– Для пачатку, пакуль усе разгаворацца, – казала яна, – хацелася б пачаць размову з дарогі ад Прудкоў да Павулля. Увогуле яна праезджая, аднак грэйдзіруюць яе час ад часу, грэйдэр не заварочвае туды, а па крузе адразу ідзе на Глыбачку.
– Напомнім кіраўніцтву ДРБУ-105 аб ёй, – прагучала ў адказ.
Тэму дарогі да другой палавіны вёскі Двор Павулле ўздымалі ў калектыўным пісьме ва УП ЖКГ тамашнія жыхары, прагучала просьба адрамантаваць яе і падчас прыёму. Дарэчы, у сувязі з гэтым там прысутнічаў і намеснік дырэктара УП ЖКГ М.У.Свірко. Адразу ж пасля прыёму азнаёміліся з дарогай, і прадстаўнік камунгаса даў адказ, што да восені яна будзе прыведзена ў парадак, тым больш, што і значных капітальных укладанняў у яе не патрэбна.
Яшчэ ў той час, калі вёска была мнагалюднай, непадалёк ад берага возера ўзнік несанкцыянаваны сметнік. Цяпер ужо ніхто і нічога туды не выкідвае, зарос ён крапівой, але вясной і позняй восенню псуе выгляд на вёску з возера. Ліквідаваць яго, як аказалася, справа не простая – пад’езду няма, іншыя варыянты будуць шукацца.
Як бачна, навядзеннем прыгажосці ў асноўным заклапочаны людзі. А таму занепакоены і парадкам на могілках – пасля падрыхтоўкі да рэлігійных святаў то з аднаго, то з другога іх боку ўзнікаюць сметнікі, як казалі самі, перасоўваюць смецце ад магілы да магілы, а затым абураюцца адзін на аднаго.
Вось тут узнікла пытанне да мясцовай улады – старшыні Вяркудскага сельскага Савета В.П.Цянюгі: “Чаму не прымаюцца меры да парушальнікаў экалагічнага парадку? Афіцыйны міні-палігон размешчаны ад могілак бліжэй за сотню метраў, аднак ніяк нават не абазначаны”.
І слушна заўважыў з гэтай нагоды Аляксандр Ягоравіч, што тут трэба арганізаваць работу па навядзенні парадку мясцовай уладзе, а людзі заўсёды падтрымаюць. І з гэтым згадзілі- ся літаральна ўсе, бо разумеюць, што патрэбны нейкі заклік, каб выйшлі на работу, а яе там не так ужо і многа. Ды і мы ў любой справе дапаможам, гаварыла Дзіяна Паўлаўна.
У завяршэнне прыёму ўсе палюбаваліся прыгажосцю мясцовых краявідаў, а ў дапаўненне да іх – прыгажосцю, створанай рукамі мясцовых жыхароў.
Р.КАРПАЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *