15 февраля — День памяти воинов-интернационалистов

Общество

УРАЗ ПАСТАЛЕЎШЫЯ ХЛОПЦЫ

На ўліку ў ваенкамаце Ушацкага раёна стаяла 96 воінаў-інтэрнацыялістаў, якія прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях у Дэмакратычнай рэспубліцы Афганістан. Сярод іх палкоўнік, намеснік камандзіра мотастралковай дывізіі Яўген Качанаў і радавы, механік-вадзіцель Іван Пацэйка. Сяржант Уладзімір Якубовіч, які ваяваў у далёкай краіне ўвесь 1980-ы і яфрэйтар Васіль Гулевіч, што пакідаў яе з апошнімі фарміраваннямі 30 студзеня 1989 года. Ураджэнцы раёна, як браты Аляксандр і Анатоль Аўдошкі, ці Віктар Прахарэнка з Рагачова і Аляксандр Ядрэўскі з Ганцавіч. Гэта тыя былыя ваеннаслужачыя, якія вярнуліся і пачалі абустройваць на Ушаччыне свой мірны працяг. З надарванымі душамі, незагоенай памяццю, згубленым “імунітэтам”… Многіх з іх ужо няма (на уліку засталося 35), як механіка-вадзіцеля Ігара Скавародкі ці механіка Уладзіміра Клопава. Хоць пакаленню ваяваўшых сыноў неваяваўшых бацькоў зараз толькі каля пяцідзесяці. Уладальнік жа медаля “За адвагу” і ордэна Чырвонай зоркі” (такія ўзнагароды часта давалі пасмяротна) Мікалай Юркевіч пайшоў з жыцця ў мірны час у 29. Міхаіл Хрыпач пару дзён не дажыў да 28. Яго верталёт МІ-8, як і пяццю гадамі раней такі ж штурмана Аляксандр Клачка, быў збіты. Нямнога заставалася да дзембеля і дваццацігоддзя Мікалаю Ключонку, які пісаў маці такія шчымлівыя лісты.

Афіцыйна трое ўшачан лічацца загінуўшымі пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу. Хаця ў Кубліцкай школе шанавалі памяць выпускніка Аляксандра Чаронкі. Ён жыў у вёсцы Завулак суседняга Глыбоцкага раёна, а памёр ад цяжкіх ран у баі за кішлак… Андрэю Смыку пашчасціла, яго, сапёра, з таго свету выцягнулі медыкі, толькі пратэзы не дазваляюць ні паўнацэнна жыць, ні забыцца пра тую вайну. Ён – з ліку тых ушачан, якія жывуць за межамі раёна. Усяго ж ў баявых дзеяннях у ДРА прымалі ўдзел больш сотні нашых землякоў.
Вольга Караленка

ПА ТОЙ БОК ЭКРАНА

Дзевяць доўгіх гадоў сярод гор і пяскоў выконвалі прысягу воіны-інтэрнацыяналісты. Тады зусім юныя, яны траплялі пад абстрэлы, бачылі смерць саслужыўцаў і гінулі самі, атрымлівалі раненні і кантузіі. Кожнага з тых, хто прайшоў праз Афганістан, нават калі і не маюць баявых ордэнаў і медалёў, можна назваць героем.
“А што пра мяне пісаць? Ёсць больш дастойныя афганцы, у якіх узнагароды”, – не раз сціпла адмаўляўся Алег Пятровіч Рагавешка, калі яму прапаноўвалі стаць героем публікацыі ў газеце. Але напярэдадні юбілейнай даты наша размова ўсё ж адбылася.
У армію яго прызвалі ў 1984-м практычна адразу пасля заканчэння Ушацкай школы. Тры месяцы Алег правёў у вучэбцы ў Мар’інай Горцы, а наступныя год і дзевяць – у Афганістане.
– З першых дзён арміі ведаў, што накіруюць менавіта туды. На той момант дакладных звестак пра падзеі ў краіне не было, але ўсе ведалі, што там ідзе сапраўдная вайна, і я выдатна разумеў, што давядзецца ўдзельнічаць у баявых аперацыях. Менавіта таму доўгі час не казаў бацькам аб сваім месцазнаходжанні – не хацеў трывожыць іх сэрцы, – расказвае Алег Пятровіч.

Трапіў юнак у роту сувязі, а служба праходзіла ў Кабуле. У задачы ўваходзіла забеспячэнне сувяззю батальёна, рэгуліроўка радыёстанцый для калон. Са сваімі абавязкамі ён, будучы камандзірам аддзялення, спраўляўся добра. З абсталяваннем за плячамі байцы часта пераадольвалі нялёгкі шлях у горы.

– Бывала, дзень ідзеш і ноч, не чуючы ног. Да месца нас заўсёды вёў праваднік. Калі яны былі цяжкадаступнымі, то дабіраліся на верталётах МІ-8. Ці страшна? Там на кожным кроку страшна! Упэўнены, што калі вы глядзелі вядомы фільм “9 рота”, то часам не стрымлівалі слёз. І гэта адна з самых праўдападобных стужак пра Афганістан. Толькі нам давялося быць па той бок экрана, – гаворыць А.Рагавешка.
– На адно з заданняў адправіліся як звычайна. Падрыхтавалі як след сродкі сувязі і рушылі ў горы. Ноч дабіраліся, на вышыню падняліся ўжо як развіднелася і збіраліся было адпачыць, але… трапілі пад абстрэл. Наш праваднік аказаўся здраднікам. Нават не скажу, колькі маіх таварышаў загінула ў той дзень, мне ж нейкім цудам пашчасціла… – прыгадвае мужчына.
Здаралася, што часам падводзілі не толькі людзі, а і тэхніка, але Алег разам з саслужыўцамі з гэтай акалічнасцю стараліся спраўляцца аператыўна.
Пра падзеі афганскай вайны ён расказвае не вельмі ахвотна, не ўдаючыся ў дробныя дэталі. Канечне, было нялёгка прывыкаць, напрыклад, да новага клімату: у Афганістане часта стаяла вельмі спякотнае надвор’е – слупкі тэрмометраў бывала зашкальвалі. І калі настаў дэмбельскі акорд, яму ніяк не верылася, што ўсё скончылася. Дадому дабіраўся праз Ташкент і Маскву. А як чакалі яго родныя! Сям’я Алега Пятровіча была мнагадзетнай. На вайну спачатку адпраўлялі і яго брата Мікалая, але, выконваючы правіла – не забіраць у Афганістан двух сыноў з сям’і, вярнулі назад.
На роднай Ушаччыне ў маладога мужчыны пачалася новая старонка жыцця. Атрымаўшы адукацыю і правы вадзіцеля, ён працаваў у “Сельгасхіміі”, а ў 1994-м ужо вопытнага работніка і мужчыну з моцным характарам з задавальненнем прынялі ў пажарную ваенізаваную часць. Амаль два дзясяткі гадоў ён адпрацаваў у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. За гэты час праз многае прыйшлося прайсці і ў гэтай прафесіі, пастаянна спяшацца на дапамогу землякам, бачыць гібель людзей. За сваю добрасумленную працу ён неаднаразова адзначаўся шматлікімі ўзнагародамі розных узроўняў, сярод якіх і нагрудны знак “Выдатнік”. Нават пакінуўшы свой пост, ён з’яўляецца членам саюза афіцэраў, пастаянна падтрымлівае сувязь з былымі калегамі, як і са сваімі саслужыўцамі. І ніколі не прапускае мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. І хоць мінула ужо 30 гадоў, Алег Пятровіч зазначае: “Забыць такое немагчыма. Гэта вам скажа кожны, хто там пабываў”.
Вольга КАМАРКОВА.

Яны былі ў Афганістане

“Падчас гэтай трэніроўкі мы яскрава ўсвядомілі, якую значную перавагу маюць нашы будучыя ворагі, – прыгадвае А.Рудкоўскі. – Нават не ведаючы мясцовых гор, мы лёгка вадзілі за нос апанентаў, палівалі іх кулямі, калі ж у прыцемках яны паспрабавалі нас акружыць, выйшлі з кола і напалі на пост, а для большага эфекту нават выкралі ў задрамаўшага салдата аўтамат. Потым, праўда, атрымалі за гэты экспромт прачуханку ад камандзіраў, ды ўсё ж больш перапала “савецкаму боку”.

А неўзабаве гульні скончыліся: салдат пастроілі і афіцыйна запыталіся: “Ёсць тыя, хто не хоча служыць у Афганістане?” Са строю выйшла некалькі чалавек. Астатніх на самалётах пераправілі ў Кабул, дзе маладое папаўненне разабралі “купцы” – героі нашага аповеду трапілі ў гарадок Газні, што на сярэдзіне шляху ад сталіцы да Кандагара. Побач з ім размяшчаўся асобны батальён аховы. Часць уяўляла сабой своеасаблівы ўмацаваны “пятачок” памерам 300 на 500 метраў, на якім знаходзіўся аэрадром для верталётаў, танкавы ўзвод, мінамётная батарэя і каля 300 байцоў, задачай якіх было не дапусціць абстрэлу “вяртушак” і пранікнення ворагаў на агароджаную тэрыторыю фарпоста.

Іх часта абстрэльвалі з боку горада, бо ведалі, што ў савецкіх салдат ёсць сакрэтны загад не страляць у адказ па населеных пунктах. Каб кантраляваць ускраіны Газні, на бліжэйшым да яго пагорку было вырашана зрабіць нешта накшталт буфернай заставы, размясціўшы там узвод байцоў, сярод якіх аказаўся і Саша Пугач. Служыць там было вельмі небяспечна, пастаянна даводзілася хадзіць у засады, ні на хвіліну не губляць пільнасці. Каб не дапусціць нападзення душманаў, подступы да пагорка мініраваліся. Тут Аляксандр упершыню страціў баявога таварыша – той спусціўся за вадой у кярыз (так называліся глыбокія каналы з крыніцамі) і, крыху саступіўшы са сцяжыны, падарваўся на міне. А быў і такі выпадак: некалькі байцоў пайшлі ў бок горада ў разведку і сустрэлі на шляху мясцовых хлопчыкаў. Дзеці аб нечым папрасілі, і калі наш салдат схіліўся да аднаго з малых, другі ўхапіў яго зброю і выпусціў чэргу па байцах. І гэта толькі выпадкі недарэчнай смерці, а колькі хлопцаў загінула падчас баявых аперацый…

Неаднойчы даводзілася ўдзельнічаць у іх і Анатолю Рудкоўскаму. Асабліва ж памятным стаў паход у складзе калоны, што пераязджала з Кабула ў Газні. Да тэхнікі, якая везла паліва і боепрыпасы, далучыліся БРДМ і бензавоз з іх часці. Яшчэ на выездзе са сталіцы хлопцы заўважылі афганскіх дзяцей: тыя паказвалі на дарогу і праводзілі рабром далоні па горле. Злавесным паказаўся і пусты, быццам вымершы кішлак… Душманы атакавалі калону дзесьці ў сярэдзіне шляху, адзін за адным пачалі ўспыхваць бензавозы. Анатоль з групай спачатку адстрэльваліся, потым сталі адганяць тэхніку ўбок. “Стралялі з гранатамётаў з “зялёнкі”, з некалькіх кропак. За рулём нашага БРДМа быў хлопец, якога ў часці звалі Федзя-татарчонак. Па машыне вялі прыцэльны агонь. “Толькі не стой, рухайся!” – крычу яму. І той адчайна накручвае петлі, увільваючы ад разрываў… Частка калоны рушыла назад на Кабул, але там чакала яшчэ адна засада, зноў запалалі бензавозы. Выратавалі нас прыцемкі: падаспеўшым на дапамогу верталётам стала бачна, адкуль душманы вядуць агонь, і яны знішчылі кропкі… А потым мы выносілі забітых. Цягнеш цела і шэпчаш: “Даруй, братка” – а слёзы цякуць…” – Анатоль Валянцінавіч і зараз прыкметна хвалюецца, прыгадваючы той бой, у якім усім пяцярым байцам іх часці нейкім дзівам удалася выжыць. Дадае, што выпілі тады ад стрэсу каністру спірту, а начальству пазней сказалі, што вадкасць пайшла на анестэзію для параненых – ды хто ж бы за такое пакараў… Калі хлопцы вярнуліся ў часць, на іх ужо збіраліся складаць “пахаванкі”. За той бой Федзя-татарчонак быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а на гімнасцёрцы Анатоля з’явіўся медаль “За адвагу” – акурат такі, як у таго хлопца на свяце…

А потым быў дэмбель. І апошняя смерць – напэўна, самая балючая. Калі ў Кабуле Анатоль чакаў афармлення дакументаў, зайшоў у курылку і пачуў урывак размовы незнаёмых байцоў. Яны расказвалі пра загінуўшага механіка-вадзіцеля, які ў апошнім перад дэмбелем выхадзе суправаджаў афганскую калону. Калі маджахеды падпалілі дзве першыя машыны, баец на сваім БМП ссунуў іх у цясніну, каб расчысціць шлях калоне, аднак у яго заклініла гусеніцу і, папраўляючы трак, хлопец атрымаў дзве кулі. “Прабачце, сябры, вы не пра Лёшу Бабкова гаворыце?” – халадзеючы, запытаў Анатоль. І даведаўся, што страціў аднаго з лепшых сяброў-беларусаў, з якім пазнаёміўся ў шпіталі. Прыляцеўшы ў Мінск, ён збіраўся зайсці да Лёшынай мамы, каб расказаць ёй пра подзвіг сына. Але не змог. Адклаў на потым. Ды так і не знайшоў маральных сіл. А праз некалькі год, калі ў Дзень памяці прыехаў у сталіцу на афганскі мемарыял, сярод надпісаў на могілках знайшоў знаёмае прозвішча. Доўга сядзеў ля пліты, сабраўся з духам – ды толькі з мамай так і не ўбачыўся: падышоўшыя людзі сказалі, што яе ўжо няма…

А вось іх афганскае сяброўства з Аляксандрам Пугачом працягнулася праз усё жыццё і нават перайначыла лёс Анатоля Рудкоўскага, прывёўшы яго на Ушаччыну. У 91-м Сашу адправілі на зборы ў Бабруйск – ну як было не заехаць у суседні Рагачоў! Сябар паведаміў яму, што завёў сям’ю, выхоўвае сына, ды толькі хлопчык пастаянна хварэе: урачы раяць змяніць гарадскі клімат. “Дык у чым справа? У Вялікіх Дольцах вам саўгасны дом дадуць!” – узрадаваўся Аляксандр. Сям’я Рудкоўскіх пераехала на Ушаччыну. Анатоль Валянцінавіч хутка заваяваў аўтарытэт у мясцовых воінаў-інтэрнацыяналістаў і вось ужо 17 год узначальвае раённую арганізацыю “Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане”. Былыя баявыя таварышы знайшлі сябе ў мірным жыцці, выхавалі цудоўных дзяцей. А.Рудкоўскі выкладае працу ў школе, А.Пугач доўгі час шчыраваў у сельскай гаспадарцы, зараз жа працуе ў мясцовай бальніцы. 15 лютага яны заўсёды збіраюцца на сваю ўрачыстасць, едуць на магілы сяброў. А баявы медаль на пінжаку ў Анатоля Валянцінавіча не засмуціць сучасных юнакоў – вайна ў Афганістане даўно стала гераічнай часткай нашай гісторыі, а яе ветэраны – паважанымі людзьмі ў грамадстве.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *