Воспоминания Г.К.Гладышева

Общество

ГЭТА значыць, што праз тры дні 44 гады таму ў Кнізе загадаў з’явіцца першы запіс: “Прыняць на работу загадчыцай друкарні газеты “Патрыёт” Гаркавенка Ганну Браніславаўну.” Затым у гэтым месяцы 1966 года друкаром быў залічаны Мікалай Іванавіч Марковіч, які да гэтага працаваў у друкарні Ушацкай раённай газеты “Сацыялістычны шлях”, а літаратурным супрацоўнікам, так тады называлася пасада карэспандэнта, Пётр Іванавіч Пратасевіч, намеснікам рэдактара Уладзімір Сяргеевіч Раманоўскі.

АЛЕ асноўны “прызыў” прыпаў на 15 снежня. Пасля пленума райкама партыі на пасаду рэдактара афіцыйна ўступіў Вадзім Антонавіч Грынкевіч. У гэты ж дзень сакратаром рэдакцыі стаў Юрый Пятровіч Лыжын, літаратурным супрацоўнікам Уладзімір Талеубекавіч Шэўчанка, машыністкай Валянціна Аляксееўна Сарокіна. У наборны цэх прыйшла працаваць таксама вопытная наборшчыца Зінаіда Аляксандраўна Кучаронак, вучнямі наборшчыка, лінатыпіста і друкара нядаўнія выпускнікі школы Аліна Коршун, аўтар гэтых радкоў і Уладзімір Жлоба.

У наступным годзе, з 1 студзеня фотакарэспандэнтам газеты стаў Мікалай Данілавіч Васілеўскі, затым загадчыкамі аддзелаў – пісьмаў Яўген Фёдаравіч Ляонаў і сельскагаспадарчым – Уладзімір Арсенавіч Первянёнак.

У далейшым на доўгія гады многія з таго першага набору стануць касцяком калектыву рэдакцыі і друкарні, абяруць гэтую неспакойную работу на ўсё жыццё, самі стануць рэдактарамі газет.

ГЭТА ўсё ў будучым, а першы нумар патрэбна было пачынаць з нуля, бо не было ні друкарскага абсталявання, ні нават дроў, каб абагрэць памяшканне рэдакцыі і друкарні, цяпер гэта будынак дзіцячай спартыўнай школы.

Вернемся ў тыя дні. Пакуль будаўнікі залівалі фундаменты пад друкарскія машыны і лінатып, амаль усе мужчыны накіроўваліся ў лес на нарыхтоўку дроў, якія сырымі адразу ж ішлі ў печы – толькі парылі, а цяпла было ад іх амаль аніякага. У наборным цэху па рэалах раскладваўся шрыфт для ручнога набору тэкстаў і загалоўкаў – кожная літара ў сваю ячэйку. Цяпер добра разумею, колькі клопату было тады Вадзіму Антонавічу. Праблемай былі нават сталы і стулы для рэдакцыі, не кажучы аб друкарні. Усё абсталяванне, шрыфты, што трапляла да нас, ужо было ў выкарыстанні, часам нават і спісанае. А мы – вучні, якія нават тэарэтычна не ведалі, як робіцца газета, глядзелі на ўсё літаральна шырокімі вачыма, усё было для нас новым і нейкім рамантычным – нам уяўлялася, што гэта мы робім газету, якую затым возьмуць у рукі 2311 чытачоў, такім быў тыраж першых нумароў.

 Я зноў забег наперад. Пакуль жа друкарская машына толькі ўстанаўлівалася наладчыкамі з абласной друкарні. Была яна зношанай да такой ступені, што першы нумар друкаваўся амаль усю ноч экіпажам з трох чалавек, адзін накладваў паперу, а два па чарзе прымалі і складвалі адбітак газеты, і так усе два газетныя развароты. І да гэтай пары здзіўляюся, як спалі ў суседніх з друкарняй дамах, газета друкавалася звычайна позняй ноччу, а ад машыны звінелі шыбы не толькі ў нашым будынку, а і побач, па вуліцы далёка разносіўся гул і грукат, усё гэта кажу без усялякага перабольшвання.

ТЫМ часам супрацоўнікі рэдакцыі пакрысе назапашвалі матэрыялы для першага і наступных нумароў. Адразу ж прыносілі іх у наборны цэх, дзе літара за літарай шрыфт складваўся ў словы і сказы. Работа гэта была марудная і карпатлівая – кожную шрыфцінку трэба было дастаць з адпаведнага месца ў касарэале, пакласці ў вярстатку, а затым гатовы радок перанесці на гранку. І не давядзі божа рассыпаць, тады пачынай усё спачатку. Гэта ўжо затым з’явіўся лінатып, наборная машына адлівала з матрыцы адразу радок зададзенага памеру, а ручны набор захаваўся толькі для загалоўкаў. Гранкі паступова запаўняліся тэкстам, рабіліся адбіткі, якія затым вычытваліся і тэкст папраўляўся. Сакратар і рэдактар чарадзейнічалі над макетам першага нумара, і пакуль ён рыхтаваўся, Юрый Пятровіч увесь час знаходзіўся побач з Ганнай Браніславаўнай, якая, як найбольш вопытная, і вярстала яго.

НЕПРЫКМЕТНА, у клопатах, набегла 31 снежня 66-га. Хваляванняў хапіла для ўсіх – на талеры друкарскай машыны першы разварот першага нумара “Патрыёта”. Яшчэ і яшчэ раз перачытваюцца матэрыялы, правяцца памылкі. І вось першы адбітак, як беражліва, з якім хваляваннем кожны патрымаў яго ў руках, бо бачыў у ім нейкую кроплю сваёй працы.

Наступаў юбілейны, 50-ы год Савецкай улады, зразумела, што перадавы артыкул першага нумара быў прысвечаны Новаму году і гэтай падзеі. Першы сакратар раённага камітэта партыі Мікалай Іванавіч Дземянцей у сваім матэрыяле “Каб старт быў удалым” расказваў аб дасягненнях калгасаў і саўгасаў, прамысловых прадпрыемстваў раёна за прайшоўшы год і акрэсліваў задачы на новы. І вядома ж, “Будзем знаёмы, чытачы” зварот патрыётаўцаў да падпісчыкаў – усё, што было ў першым нумары было для нас тады такім акрыленым і важным, галоўнае – сваім.

 И вось рэдактар падпісаў першы нумар “у свет”, усе пайшлі сустракаць Новы год, а брыгада друкароў прынялася за работу. Праўда, не вытрымалі ні рэдактар, ні першы сакратар райкама партыі – а дванаццатай гадзіне, перш чым сесці за святочны стол, яны сем’ямі прыйшлі ў друкарню, каб першымі атрымаць па “Патрыёту”, павіншаваць нас, тых, хто друкаваў яго ў навагоднюю ноч, з двайным святам. І на самой справе гэта ноч засталася ў памяці на ўсё жыццё, як тыя людзі, з кім яе давялося правесці на першым рабочым месцы.

Затым усё пайшло па заведзеным парадку, газета рэгулярна трапляла да чытача, змянялася тэхніка, удасканальваўся працэс выдання – сёння тыя работнікі друкарні, якія выпускалі першы нумар і якіх, на жаль, ужо няма сярод нас, не паверылі б сваім вачам, што такое магчыма. А тады ўсё было па-іншаму, больш працаёмка, можа таму і даражэй для кожнага, хто ўкладваў сябе ў выпуск чарговага нумара.

Р.ГЛАДЫШАЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *