5 июня — День охраны окружающей среды

Общество

Па ініцыятыве ААН штогод 5 чэрвеня адзначаецца прафесійнае свята ўсіх, хто займаецца аховай прыроды.

Імкненне яе аберагаць было ўласціва яшчэ нашым далёкім продкам. Першыя законы па абмежаванні знішчэння звяроў і птушак з’явіліся ў Кіеўскай Русі ў ХІ стагоддзі, пытанні выкарыстання прыродных рэсурсаў адлюстроўваліся ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага і ў часы, калі беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Адчувальны ўдар прырода вытрымала з пачаткам стыхійнага развіцця капіталістычнай гаспадаркі. Моцна пацярпела, у прыватнасці, Віцебская губерня, дзе былі добрыя ўмовы для сплаву і перавозкі драўніны – у выніку да 1920 года плошча, пакрытая лясамі, скарацілася ў нашым рэгіёне да 20 працэнтаў ад ранейшай! У савецкія часы кантроль за прыродай узяла на сябе дзяржава. А летась споўнілася 60 год з моманту заснавання сістэмы аховы навакольнага асяроддзя. Зараз Беларусь уваходзіць у першую трэць краін з найлепшымі паказчыкамі ў адносінах аховы прыроды, у першую дзясятку лясных дзяржаў Еўропы.

Свой уклад у важную справу ўносяць і ўшацкія эколагі. Першым нашым спецыялістам гэтай галіны стаў у канцы 80-х Васіль Сцяпанавіч Дук. У 1989-м была створана раённая інспекцыя па ахове прыроды: узначаліў яе Васіль Фаміч Караленка, а дапамагалі яму ў прыродаахоўных справах Аляксандр Сяргеевіч Дрозд і Тамара Пятроўна Обух. Пазней пасаду кіраўніка службы займалі Іван Мікалаевіч Падгол і Васіль Рыгоравіч Кісель, а з 2016 інспекцыю ўзначальвае Міхаіл Аляксандравіч Шук, дапамагае якому спецыяліст Ніна Васільеўна Крахотка. Надзейнымі памагатымі прафесіяналаў з’яўляюцца грамадскія эколагі – зараз адпаведныя пасведчанні маюць 7 жыхароў раёна, прычым сёлета гэтую каманду папоўнілі сапраўдныя энтузіясты экалагічнай справы настаўніцы Арэхаўскай школы Таццяна Уладзіміраўна Ліленка і Кацярына Міхайлаўна Гірсёнак.

Супрацоўнікам службы даводзіцца вырашаць мноства задач. Сярод галоўных – каардынацыя работ па абмежаванні распаўсюджання баршчэўніку, кантроль за земле- і водакарыстаннем, парадкам на вытворчых аб’ектах, захаваннем заканадаўства аб звароце з адходамі, недапушчэнне фактаў нанясення ўрону прыродзе, браканьерства і шмат чаго іншага. Работа ў эколагаў няпростая, але патрэбная і высакародная – людзі бачаць і цэняць намаганні, якія яны прыкладаюць, каб захаваць чысціню і прыгажосць нашага цудоўнага краю.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *