14 апреля — день профилактики болезней сердца

Здравоохранение

Сардэчна-сасудзістыя захворванні з’яўляюцца асноўнай прычынай заўчаснай смерці і інваліднасці вялікай колькасці людзей як у большасці еўрапейскіх краін, так і ў Беларусі. Не абышла гэта праблема і Ушачы. Пра небяспеку хвароб сэрца, сумную статыстыку ў раёне, а таксама асноўныя меры прафілактыкі захворванняў наша размова з урачом-кардыёлагам Ушацкай ЦРБ А.А.ЛЮЦЬКО.

– Анастасія Аляксандраўна, якая доля хвароб сістэмы кровазвароту ў агульнай структуры смяротнасці ў раёне?
– За першы квартал 2011 года яна склала 41,5 працэнта, што крыху менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Росту агульнай і пярвічнай захворваемасці сістэмы кровазвароту за бягучы перыяд не адзначалася. Аднак, на жаль, па-ранейшаму хваробы сэрца займаюць лідзіруючае месца ў структуры смяротнасці ўшачан.
– Ці могуць хваробы сэрца развівацца бессімптомна?
– Так. У аснове паталогіі звычайна ляжыць атэрасклероз, які прыводзіць да развіцця стэнакардыі, інфаркту міякарда, парушэнняў сардэчнага рытму, сардэчнай недастатковасці, раптоўнай смерці, — хвароба вельмі каварная. Яе характар скрытны: на працягу многіх гадоў чалавек адчувае сябе добра, не скардзіцца на боль у грудзях, да ўрачоў не ходзіць, пра здаровы лад жыцця думае з іроніяй. Дэбютаваць атэрасклероз можа адразу інфарктам ці інсультам. Часцей за ўсё чалавек звяртаецца да ўрача, калі час ужо згублены. Менавіта таму гіпертонікі павінны знаходзіцца на дыспансерным уліку і абавязкова лячыцца пад наглядам медыкаў.
– Што можна аднесці да асноўных фактараў рызыкі сардэчна-сасудзістай сістэмы?
– Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, найбольшую рызыку нясуць артэрыяльная гіпертэнзія, павышаны ўзровень халестэрыну ў крыві і курэнне.
– Лёгкі боль у грудзях, які зрэдку непакоіць чалавека, – паказчык нейкай хваробы?
– Не абавязкова. У любым выпадку пры ўзнікненні недамагання трэба звярнуцца ў паліклініку, абследавацца. Часам прычынамі болю з’яўляюцца не праблемы сардэчна-сасудзістай сістэмы, а перажытыя чалавекам стрэсы, асаблівасці яго псіхічнага стану.
– Грамадзяне рэдка звяртаюцца да медыкаў толькі дзеля прафілактыкі захворванняў. Скажыце, каму трэба ў першую чаргу абследавацца ва ўрача-кардыёлага?
– Пра гэта трэба думаць усім. А ў першую чаргу тым, хто курыць, няправільна харчуецца, мае павышаны ўзровень халестэрыну ў крыві, пакутуе ад атлусцення, вядзе маларухомы лад жыцця. Асабліва, калі ўзрост чалавека ўжо за 40 гадоў, а яго блізкім родным ставіліся такія дыягназы, як ішэмічная хвароба сэрца,

атэрасклероз сасудаў ніжніх канечнасцей і аналагічныя. Гэтыя грамадзяне адносяцца да так званай групы найбольш высокай рызыкі.
– Чула, што для прафілактыкі развіцця сардэчна-сасудзістай сістэмы вельмі карысныя фізічныя практыкаванні, у прыватнасці, хадзьба. Які тэмп выбраць?
– Сапраўды, актыўны лад жыцця ў многім засцерагае чалавека ад развіцця хваробаў сэрца. Аднак ва ўсім трэба ведаць меру. Не перанапружвайцеся, галоўнае – каб падчас фізічных практыкаванняў вам было камфортна.
– Прафілактыка мае станоўчыя вынікі?
– Безумоўна. Простыя мерапрыемствы, якія выконваюцца чалавекам няўхільна, на працягу ўсяго жыцця, здольны тварыць сапраўдныя цуды. Правільна харчуйцеся, займайцеся фізкультурай, не пачынайце курыць, а калі пачалі, — кіньце, пазбягайце стрэсаў, кантралюйце свой ціск і халестэрын, правярайце ўзровень цукру ў крыві, своечасова праходзьце агульны медыцынскі агляд. У гэтым выпадку сардэчна-сасудзістыя хваробы вам не страшныя!
Гутарыла К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *