Выставка работ ушачских умельцев не оставляет равнодушным

Мир увлечений

Нацыянальныя традыцыі жывуць у тым ліку і ва ўменнях народных майстроў. Разумеючы гэта, работнікі музея народнай славы імя У.Е.Лабанка вырашылі наладзіць выставу пад назвай “З крыніц адвечнай прыгажосці”. Прадстаўлены вырабы 24 дарослых майстроў, 50 работ вучняў.
Выступаючы перад жадаючымі пазнаёміцца з такой цікавай выставай, дырэктар музея Н.П.Бугай выказала ўпэўненасць, што збор вырабаў майстроў Ушаччыны стане незвычайнай з’явай у культурным жыцці нашага раёна. Магчыма, гэта будзе штуршком і для тых, хто не адважваецца паказаць плён сваіх рук шырокай аўдыторыі.
Дырэктар раённага Дома рамёстваў М.А.Багдановіч засяродзіў увагу прысутных на тым, якое разнастайнае, разнапланавае майстэрства ўшачан. Кіраўнік народнага клуба майстроў “Адраджэнне” РДК А.В.Кузусёнак паведаміла аб прадстаячым велікодным кірмашы з удзелам такіх творцаў і ўсееўрапейскай акцыі “Рэлігія і спадчына”, якая пройдзе і ў нас у верасні.
Прагучалі пранікнёныя вершы ўшачан пра майстроў. А калі на фоне вырабаў удзельнікі танцавальнага калектыву РДК (мастацкі кіраўнік – Д.Пенкальская) сталі выконваць танец у нацыянальным стылі, то і зусім шчымлівыя пачуцці ахапілі гледачоў. Такая сумесная работа культустаноў, канечне, дае свой плён.
Знаёмячыся з экспанатамі, адзначаеш для сябе, напрыклад, вырабленае настаўніцай Ільюшынскай школы Г.А.Цвяцінскай, якая вядзе гурток “Творчасць”, яе вучнямі: цэнтральнае пано выставы з выявай бусла, мноства ўсяго іншага. Таццяна Кліменка, Кацярына Рацько, Таццяна Казачонак, Анжэла Молакава прадставілі таксама макрамэ, вышыўку стужкамі. Адзін з вырабаў – “Падарунак для ветэрана”. Як бачым, нават у гэтым дасягаецца выхаваўчая роля.
Почырк сапраўднага майстра бачны па вырабах настаўніцы Плінскай школы Г.І.Марковіч. Дэкаратыўныя шкатулка і свяцільнік з саломкі, кашпо для кветак падуладныя яе ўмелым рукам. Г.С.Данілёнак (удзельніца клуба “Муза” РДК) прадставіла некалькі сваіх вышываных карцін. Цудоўна, калі ў Ільюшыне такія творчыя настаўнікі.
Ёсць і вырабы з Глыбачанскай, Ленінскай школ.
Па-ранейшаму прыцягвае ўвагу творчасць Ганны Бабянок, якая працуе ў раённым цэнтры пазашкольнай работы і з’яўляецца ўдзельніцай народнага клуба майстроў “Адраджэнне” РДК. Пано ў тэхніцы “тэра” (роспіс па тканіне), вырабы з саломкі, дыванкі, габелены, вышыўкі на біблейскія тэмы, шытыя лялькі, вязанне на спіцах, у чым толькі ні спрабуе сябе майстрыха, і ўсё робіць на славу.
Выклікае цікавасць наведвальнікаў вышыўка карцін жыхарамі райцэнтра Ю.М.Саўлук, М.А. Шэўчанка, В.А. Саўлук, В.М.Васілеўскай, Л.А.Асташкевіч, А.М.Крыскевіч, Н.В.Мазго, а таксама С.І.Маслюк з Глыбачкі. Прадстаўлены вырабы маладзейшых: Кацярыны Казіцкай з гарпасёлка, Дзіны Кулага з Кавалеўшчыны.
Самы розны спадручны матэрыял выкарыстоўвае ўрач, удзельніца клубаў “Ушачане” райбібліятэкі і “Музы” РДК Т.Г.Бураўлёва. Да апошняга адносіцца і работніца школы мастацтваў В.Г.Федарэнка, якая на адным з пасяджэнняў убачыла прыгожыя вырабы Таццяны Малашчанкі з бісеру, зрабіла падобныя. Добра валодае гэтым матэрыялам і настаўніца Ушацкай школы, удзельніца клуба “Адраджэнне” Тамара Аваднёва.
Выстава пакідае цудоўнае ўражанне. І калі работнікі музея ажыццявяць сваю задуму аб сістэматызацыі вырабаў, працягу работы, то гэта будзе прыкметным зрухам у прапагандзе творчасці народных майстроў.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *