В Ушачах открылось новое производство — участок Полоцкого филиала ОАО «Моготекс»

Общество

Учора ва Ушачах адкрылася новая вытворчасць – участак Полацкага філіяла ААТ “Магатэкс”. Вельмі сімвалічна, што чырвоную стужку старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі і дырэктар галаўнога прадпрыемства Т.І.Гур перарэзалі напярэдадні Дня работнікаў лёгкай прамысловасці. Віншуем швейнікаў са святам і спадзяёмся, што яно надоўга замацуецца ў прафесійным календары ўшачан.

А вось машынкі на першым паверсе адміністрацыйнага будынка ПМК-66 стракочуць ужо з панядзелка (на здымку). Да гэтага ўстанавілі абсталяванне на 16 швейных месцаў, правялі да яго спецыяльнай асвятленне, падумалі і пра бытоўку – палова былой актавай залы цяпер адпавядае стандартам швейных фабрык. А дадатковага святла надавала белая тканіна, раскладзеная літаральна на кожным са сталоў – выраблялі фірменную вопратку для повараў. Аб сур’ёзнасці заказчыка сведчыла як маркіроўка на падкладачнай тканіне, так і вернутыя на дапрацоўку рэчы – міліметры нестыкоўкі швоў – і гэта ўжо брак. “Тканіна складаная, шчыльная, на сінтэпоне, а многія дзяўчаты ўвогуле ніколі не шылі, аднак калі навічок з лёту схоплівае, што яму паказалі, як Ганна Свідзінская, то з заданнямі абавязкова справяцца, – расказвае майстар полацкага філіяла Святлана Анатольеўна Лейспук, якая прыехала на дапамогу нашым швейнікам. – Я пераканана, што хутка буду ставіць іх у прыклад. Здзіўлена, што людзі без спецыяльнай адукацыі, як Віка Міхейка, ужо выконваюць складаныя аперацыі. І таму калі ў мяне пытаюцца, як справы ва ўшачан, я адназначна кажу, што ўчастак будзе працаваць, паколькі ў людзей ёсць жаданне і старанне, а навыкі з’явяцца”.

А.Шынкоўская.

Пакуль што абавязкі размяркоўваюць па здольнасцях – навічкі рыхтуюць асобныя дэталі, ну а самым складаным – іх мантажом і выпускам непасрэдна куртак і штаноў – займаюцца вопытныя швеі. Ганна Сурвіла, як і яшчэ некалькі дзяўчат – былыя работнікі прамкамбіната, пасля яго закрыцця працавалі на “Форэстгандлі”, нават лес садзілі – займаліся тым, куды накіроўваў цэнтр занятасці. Таму зноў селі за швейныя машынкі з вялікай радасцю. “Гэта ўдача, што ва Ушачах адкрылі такую вытворчасць, – у адзін голас кажуць жанчыны. – Ды і машынкі не параўнаць, на гэтых працаваць – мілая справа! У нас толькі адна была закрэпачная, а тут нават са сцяпным сцяжком, і васьмініткавая, электроннае пераключэнне, нажны прывад, яны нават размаўляюць, калі што не так, праўда, па-англійску”.

С.Садоўскі, Т.Гур.

Ведаюць дзяўчаты і свае перспектывы. “Швачкі нашага філіяла за апошні месяц нашылі на 730-790 рублёў, плюс 50 працэнтаў за выкананне плана, – кажа С.Лейспук. – Мяркую, што нядрэнны заробак для жанчыны ў цяпле, з сацыяльным пакетам і на стабільным прадпрыемстве”.

ААТ “Магатэкс” на рынку ўжо больш 20 год, вырасла з былога Магілёўскага камбіната шаўковых тканін. Сёння ў складзе таварыства ткацкая, апрацоўчая прадзільная і швейныя фабрыкі ў Магілёве, а таксама ў Полацку і Кобрыне.

Пакуль што заняты не ўсе працоўныя месцы, швачак чакаюць, тым больш што ў перспектыве – далейшае пашырэнне вытворчасці. У Полацкім філіяле “Магатэкса” працуе 250 чалавек, плюс участак у Ветрыне і вось ва Ушачах. Фірма з заслужанай рэпутацыяй, трывалыя стасункі не толькі з айчыннымі, але і замежнымі заказчыкамі, таму і адкрываюць новыя падраздзяленні. “У нашым горадзе шмат швейных прадпрыемстваў, таму выходзім на суседнія рэгіёны, – расказвае дырэктар філіяла Таццяна Іванаўна Гур. – Спыніліся на Ушачах, улічыўшы, што гэта раённы цэнтр і ў вас раней займаліся выпускам спецадзення. Мяркую, што з часам тут будзе не 16, а 30 швачак – паўнацэнная брыгада. І работу шукаць не давядзецца – сама знаходзіць нас – фірменную і спецыяльную вопратку шыем выключна прэміум-класа”.

Канечне, нашым дзяўчатам пэўны час давядзецца “набіваць руку”, расці, прызвычайвацца да абсалютна новых шматфункцыянальных машын, каб адпавядаць высокаму класу вырабаў і самой фірмы. Пакуль што майстар Алена Васільеўна Шынкоўская не скрывае хвалявання: “І сама я на верхняй вопратцы не працавала, і многія дзяўчаты без навыкаў. Але хутка вучацца, прыемна, што сярод іх ёсць мае вучаніцы – Алену Валынку ведаю яшчэ з вучэбна-вытворчага камбіната, у Вікі Міхейкі вяла заняткі працоўнага навучання. Знаю многіх іншых ушачанак, якія раней шылі, аднак расчараваліся, шукалі новую работу з-за нестабільнасці заказаў і вытворчасці. Тут жа працоўныя месцы прапаноўвае трывалая прыбытковая фірма. Так што чакаем прытоку кадраў”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *