«Моя мама — самая лучшая»: читатели «Патрыёта» рассказывают о своих мамах

Общество

«Мая мама – лепшая ў свеце.» Так лічыць кожны, і ніхто не сумняваецца ў праўдзівасці гэтага выказвання. Пра кожную матулю можна і хочацца сказаць шмат цёплых слоў. Мабыць нават тых, якія яны не чулі. І сёння мы даём гэту магчымасць нашым чытачам.

– У маёй маці Галіны Мікалаеўны Андрэйчык я вучуся дабрыні. Да ўсіх, а не толькі да мяне і маёй сям’і. Памочнік выхавальніка дзіцячага сада №3, яна ласкавая са сваімі маленькімі падапечнымі, умее падтрымліваць цёплыя адносіны з усімі, з кім кантактуе. Ні на каго не крыўдуе, нікому не зайздросціць, умее проста радавацца ўсяму і за ўсіх. Ёй няпроста было выхоўваць, вучыць мяне, грошай лішніх ніколі не было, але і зараз мама імкнецца ўсім падзяліцца, хоць я не маю ў гэтым патрэбы, а сама не прымае падтрымкі, хоць і нямнога зарабляе. Нізкі паклон ёй. Я вельмі яе люблю


Вольга ЯРМОШ:

– Вельмі мяккая, ранімая, тонкая і з вялікай прагай да жыцця. Не толькі з гадамі, заўсёды. І мы рады, што наша мама Зоя Ягораўна Кудраўцава менавіта такая. У яе мы навучыліся радавацца кожнаму дню, бачыць і адчуваць прыроду. Хочацца так жа ўмець паважаць кнігу. Яна вельмі многа ведае, любіць паэзію і калі застаецца з унукамі, чытае ім па памяці. Ніколі не скардзіцца, не павышае голасу, не прымушае, не настойвае, але нябачна пастаянна ўздзейнічае на нас, траіх сваіх дзяцей. Заўсёды хочацца зрабіць усё так, каб яна не засмучалася, каб не раніць, не псаваць настрой. Прабач, наша любая, калі не атрымліваецца. У матулі вялікая сям’я, і збірацца разам, адчуваць нашу еднасць таксама навучыла яна.


Аляксандра ГОМАН:

– У маёй мамы Вольгі Уладзіміраўны Гарбаценка я вучуся мэтанакіраванасці. У яе ёсць стрыжань, які дазваляе ставіць мэту і дасягаць намечанага. Цырульнік па першай прафесіі, яна ў даволі сталым ўзросце паступіла ў гандлёвы тэхнікум, і хоць з гадамі, калі ў цябе сям’я, работа, вучыцца няпроста, атрымала спецыяльнасць таваразнаўцы і зараз працуе на размеркавальных складах Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. Як і ўсе бабулі, яна ахвотна застаецца з унукамі, і яны з задавальненнем ідуць да яе. Не толькі з-за лахарцікаў і падарункаў, яна ўмее з імі карысна бавіць час – не мульцікі, а абавязкова развіваючыя гульні. Дзякуй табе, дарагая, за дабрыню і клопат.


Святлана ЦАРОВА:

– Дзякуючы маёй матулі Галіне Генадзьеўне Шчэрбік я і мае брат і сястра не баімся ніякай работы, а значыць трывала стаім на зямлі. Вельмі рана падымалася яна на дойку, трымалі з бацькам вялікую ўласную гаспадарку, стамлялася, але заўсёды пакідала час, каб правесці яго з намі. Яе пяшчоту адчуваем і зараз, асабліва цешылася ў ёй я, малодшая. Але і мы ў сваю чаргу шкадавалі маму: падымаліся раніцай, каб справіцца па гаспадарцы, замянялі, калі накіроўвалася за ягадамі ці ішлі разам. Не важна, што ўсе трое ўжо выраслі, калі прыязджаем да бацькоў, адчуваем сябе дзецьмі.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *