«Место, где живёт история»: Лариса Александровна Булавка о музее в Ореховской СШ

Образование и молодежь

“Пісала нядаўна тэкст экскурсіі для школьнага музея і хоць старалася распавесці пра нашы экспазіцыі сцісла, аповед усё роўна атрымліваўся не меншы, чым на чатыры гадзіны. Разумею, што ніводны наведвальнік гэткай працягласці не вытрымае, але кожны экспанат здаецца такім цікавым і вартым увагі!..”, – дзялілася з намі нечаканай праблемай дырэктар Арэхаўскай СШ Л.А.Булаўка.

Да гэтага месца ва ўстанове яе кіраўнік ставіцца з асаблівым піетэтам – гісторык па спецыяльнасці, Ларыса Аляксандраўна ўпэўнена, што проста абавязана захаваць для наступных пакаленняў звесткі пра мінулае роднага краю, захапляе гэтай работай калег і вучняў, укладае ў сваё дзецішча безліч часу і сіл. І вынік работы прыкметны: пасля рамонту і рэканструкцыі музей значна пераўтварыўся.

Зараз ён падзелены на некалькі тэматычных блокаў і адлюстроўвае гісторыю Арэхаўна і яго наваколля ад першага прыгадвання населенага пункта, якое адбылося ў 1530-м годзе. Прадстаўлены тут не толькі копіі дакументаў і здымкі, а і рэчы з ужытку продкаў. Сячкарня і драўляны цыркуль, вілачнік і чапяла, самавар пачатку мінулага стагоддзя і старажытныя цымбалы… Любы арэхаўскі школьнік патлумачыць знешнюю розніцу паміж дзяжой і бочкай, раскажа, што ў першай захоўвалі сала і ставілі цеста, а ў другой – квасілі капусту. Ёсць тут і сапраўдныя гістарычныя рарытэты – напрыклад, чамадан, з якім малады хлопец з вёскі Чарнічонкі Піліп Пятровіч Чорны (дзядуля Ларысы Аляксандраўны) паехаў у Петраград з намерам уладкавацца на Пуцілаўскі завод, дзе пазней будзе слухаць прамову самога Леніна.

Калі ж я запыталася, які экспанат яна лічыць самым каштоўным, дырэктар правяла мяне ў сектар гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і паказала пісьмо, датаванае 23 чэрвеня 1941-га. Яго даслаў родным Мікалай Чорны – сын прыгаданага вышэй петраградскага рабочага. “Добрых навін няма, а дрэнныя, па-мойму, вы чулі – што пачаліся жорсткія баі з германскім фашызмам, які 22 чэрвеня ў 4 гадзіны раніцы зрабіў налёт на мірныя гарады Савецкай Расіі. Гэта вельмі нядобрая з’ява”, – зазначаў чырвонаармеец, які пазней памрэ ад ран… Дзякуючы музею, школьнікі ведаюць прозвішчы герояў-землякоў, якія змагаліся за Радзіму.

У Беларусі функцыянуюць амаль паўтары тысячы школьных музеяў. Практычна ў кожным з іх ёсць экспазіцыі, што адлюстроўваюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

Сёлета тут з’явіўся стэнд “Генацыд на тэрыторыі Ушацкага раёна”. Ад таго, што на ім прыгадваецца, душу працінае жах.
У нашым раёне за час акупацыі фашысты знішчылі 3573 мірных жыхароў. Не існавала ніводнага населенага пункта, дзе б не было іх ахвяр. У вёсцы Хоціна 40 чалавек пасля катавання пасеклі сякерай. У Бадзяліне карнікі зачынілі ў падпаленай хаце старых мужчын, а калі адзін з іх вырваўся, задушылі яго вяроўкай. У Мураўскім рове на Далеччыне пасля адходу гітлераўцаў было знойдзена 60 забітых і закатаваных вяскоўцаў…

Вядома ж, не забыліся стваральнікі і пра гісторыю самой установы, якая праз 2 гады будзе святкаваць стагоддзе. Прынамсі, першыя заняткі ў Арэхаўне праводзіліся ў 1923-м, калі дачка мясцовага дзяка Лідзія Карвэцкая ў адным з пакояў свайго дома пачала даваць урокі дзецям з навакольных вёсак, так што векавы юбілей мясцовай адукацыі можна адзначаць ужо сёлета! А колькі выдатных педагогаў тут выкладалі. Школа славіцца дынастыямі: так, у розныя часы дзяцей вучылі і працягваюць гэта рабіць пяць прадстаўнікоў сям’і Жукавых, Міхаіл, Надзея Долгія і іх дачка Тамара Русак.

Калі ж разглядала матэрыялы, прысвечаныя мясцоваму дзіцячаму дому, які працаваў у Арэхаўне да і пасля вайны, прыгадвала “Педагагічную паэму” Макаранкі. Прынамсі, гэта тэма заслугоўвае асобнага артыкула, таму мяркуем вярнуцца да яе ў нашай рубрыцы “Гартаючы старонкі гісторыі”.

Праходзячы па пакоях, зразумела, чаму Ларыса Аляксандраўна не магла ўкласціся ў кароткі экскурсійны рэгламент. Абноўленая экспазіцыя прыкметна прырасла музейнымі прадметамі – і гэта вынік дзейнасці пошукавай групы. Школьнікі на чале з педагогамі абходзілі дамы пажылых вяскоўцаў, абследавалі старыя жылыя пабудовы, якія хутка пойдуць пад знос. І зараз у музеі можна ўбачыць, напрыклад, гістарычны нумар полацкай абласной газеты “Сцяг камунізму”, дзе паведамляецца пра смерць Сталіна, старажытныя вырабы арэхаўскіх умельцаў, павязку сандружынніка, савецкія ёлачныя цацкі і нават сіфон для стварэння газіроўкі…

Галоўны ж плён гэтай работы ў тым, што дзеці адчуваюць сваё дачыненне да годнай справы, пачынаюць яшчэ больш ганарыцца месцам, дзе нарадзіліся і жывуць. Школьныя музеі не толькі захоўваюць гісторыю рэгіёнаў, а і становяцца сапраўднымі цэнтрамі патрыятычнага выхавання.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *