Учащиеся Ушачской школы стали зрителями хореографического спектакля «Линия памяти. Код войны», который демонстрировался на сцене БГУКИ

Образование и молодежь

У апошні час тэма захавання гістарычнай праўды аб ваенных падзеях набыла ў нашай краіне асаблівую значнасць. У тым ліку гэтым было абумоўлена абнаўленне вучэбных праграм, выданне новых дапаможнікаў па гісторыі Вялікай Айчыннай. Старшакласнікі, напрыклад, зараз больш дэталёва вывучаюць тэмы генацыду беларускага народа, калабарацыянізму ў час акупацыі. А пашырыць набытыя веды дапамагаюць падарожжы па знакавых месцах Беларусі, удзел у адмысловых мерапрыемствах.

На мінулым тыдні вучні Ушацкай школы сталі гледачамі харэаграфічнага спектакля “Лінія памяці. Код вайны”, які дэманстраваўся на сцэне Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў. Арт-праект рэалізаваны за кошт гранту Прэзідэнта, у пастаноўцы ўдзельнічаюць каля 100 школьнікаў і студэнтаў з усіх рэгіёнаў. Пранікнёная харэаграфічная кампазіцыя, у якой расказваецца пра жахі нацызму, нікога не пакінула абыякавым. Дарэчы, побач з нашай дэлегацыяй у глядзельнай зале назіраў за спектаклем Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед, пад кіраўніцтвам якога ў апошнія тры гады праводзіцца вялізная работа па выяўленні новых фактаў ваенных злачынстваў гітлераўцаў на тэрыторыі нашай краіны. Напрыканцы мерапрыемства ён падкрэсліў, як важна даносіць да моладзі аб’ектыўную інфармацыю пра генацыд разнастайнымі спосабамі, у тым ліку і праз мастацтва.

У гэты дзень нашы школьнікі пабывалі і ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Падлеткі з цікавасцю разглядалі экспанаты, якія адлюстроўваюць ужо вядомыя ім з урокаў гісторыі ваенныя этапы, прыгадвалі славутых людзей і іх подзвігі. “Асабіста мяне моцна ўразілі карціны Міхаіла Савіцкага, з творчасцю якога, дарэчы, пераклікалася і харэаграфічная пастаноўка, – падзялілася з намі дзесяцікласніца Яна Далжонак. – Хочацца падзякаваць усім, хто стварыў такую выдатную імпрэзу. Аказваецца, праз музыку і танец можна перадаць пачуцці не менш выразна, чым словамі”. Ушачане прызналіся, што гэты дзень быў вельмі багатым на эмоцыі, і яны яшчэ больш умацаваліся ў меркаванні, што абавязкова трэба памятаць пра жудасныя выпрабаванні, якія выпалі на долю беларусаў, і рабіць усё, каб такое больш не паўтарылася.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *