Баец, які спалучае ў сабе прафесіяналізм, лідарскія якасці і актыўную жыццёвую пазіцыю, надзейная апора камандзіраў і верны сябра, які ніколі не падвядзе – такімі словамі характарызуюць у вайсковай часці яфрэйтара Сяргея Глінскага. З мінулай вясны ўраджэнец вёскі Строкты праходзіць тэрміновую службу ў 495-м асобным батальёне матэрыяльнага забеспячэння 72 гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у Барысаве, за гэты час ён паспеў выдатна сябе праявіць і заваяваць аўтарытэт у падраздзяленні.
Насіць пагоны Сяргей марыў з дзяцінства. З вялікай цікавасцю слухаў аповеды свайго прадзеда Уладзіміра Антонавіча Мядзведзева – падпалкоўніка ў адстаўцы, які служыў у розных гарнізонах Савецкага Саюза – у тым ліку на Камчатцы і Сахаліне. Калі ж пасля заканчэння сямі класаў хлопец вырашыў паступаць у Полацкае кадэцкае вучылішча, бацькі Юрый Іванавіч і Наталля Сяргееўна ідэю сына падтрымалі. Паспяхова здаў экзамены, ну а з фізпадрыхтоўкай у былога выхаванца аддзялення дзюдо Ушацкай спартшколы пытанняў увогуле ўзнікнуць не магло. Самастойны і дысцыплінаваны, Сяргей не меў праблем з адаптацыяй і вучобай, а пасля заканчэння ўстановы паступіў на ваенны факультэт Гродзенскага дзяржуніверсітэта. Але ўзнікла перашкода: у юнака пагоршыўся зрок і медкамісія “наклала вета” на атрыманне афіцэрскай прафесіі. Прыйшлося набыць грамадзянскую: у палітэхнічным каледжы вывучыўся на электраманцёра і размеркаваўся на “Нафтан”. А вось патрабаванні годнасці да тэрміновай службы аказаліся не такімі суровымі – і Сяргей усё ж атрымаў магчымасць апрануць вайсковую форму.
У цяперашні час тэрміновую службу, службу ў рэзерве праходзіць 51 ураджэнец Ушаччыны. Нашы землякі служаць у войсках спецыяльнага прызначэння, паветрана-дэсантных, пагранічных, чыгуначных і іншых войсках.
Яго запатрабаваная прафесія, шырокія тэхнічныя навыкі аказаліся тут вельмі дарэчы. Вадзіцельскую катэгорыю “В” Сяргей дапоўніў у арміі пасведчаннем на кіраванне грузавым транспартам, і зараз за ім замацаваны аўтамабіль. Бацькі, канечне, хацелі, каб пасля “вучэбкі” сына перавялі бліжэй да дому, ды толькі развітвацца з такім вайскоўцам у вучэбным цэнтры не пажадалі. Зрэшты, Барысаў – не Камчатка, так што родныя яго часта наведваюць, ды і сам хлопец за годную службу заахвочваўся магчымасцю з’ездзіць дамоў.
“Такія ўніверсальныя байцы на ваеннай службе – на вагу золата!” – зазначае намеснік камандзіра вайсковай часці па ідэалагічнай рабоце Сяргей Мікулёнак. А яшчэ расказвае, што наш зямляк актыўна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, адстойвае гонар падраздзялення ў спартыўных спаборніцтвах.
“Сярожа яшчэ зусім маленькім 70 разоў ад падлогі адціскаўся, а ў школьныя гады яны разам з сябрам і аднавяскоўцам Мішам Васілеўскім (ён, дарэчы, зараз таксама служыць) пастаянна на турніках займаліся, – расказвае Наталля Сяргееўна. – Вядома ж, і ў вучылішчы шмат часу спорту прысвячаў. Тры гады таму сельгаспрадпрыемства “Сафійскія дары”, дзе я працую, збірала каманду на раённую спартакіяду, дык Сяргей, які на выхадныя прыехаў, згадзіўся нам дапамагчы і ўзняў гіру 72 разы, прытым што ў гэтым відзе ніколі не выступаў. Яшчэ і прыз ад прафсаюзнай арганізацыі тады атрымаў, як самы малады ўдзельнік”, – дзеліцца з намі маці вайскоўца.
А што да артыстычных здольнасцяў, то тут, безумоўна, гены спрацавалі. Сяргея Уладзіміравіча Мядзведзева на Ушаччыне ведалі многія – дарэчы, героя артыкула назвалі менавіта ў гонар дзядулі. На жаль, няма ўжо з намі самадзейнага кампазітара і спевака, але яго жонка Людміла Міхайлаўна, а цяпер і ўнук годна працягваюць творчую сямейную справу. Без удзелу Сяргея не абыходзіўся ніводны “Кадэцкі баль”, зараз жа яго песні пад гітару – ключавы нумар кожнага вайсковага канцэрта. Інструмент асвоіў самастойна, а калі бывае ў Строктах, спявае для матулі што-небудзь душэўнае. Дарэчы, лічаць дні да сустрэчы з ім не толькі блізкія, а і каханая дзяўчына – можа, нехта думае, што чакаць хлопца з арміі – гэта “перажытак мінулага”, але ж вернасць і шчырасць ніколі не выйдуць з моды.
Як заўжды ганаровым абавязкам сапраўдных мужчын будзе лічыцца вайсковая справа.
Наталля БАГДАНОВІЧ.