На пенсию — по новых условиях. После внесения изменений в пенсионное законодательство у граждан возникает немало вопросов

Калейдоскоп Правовая консультация

Унесеныя змены ў пенсійнае заканадаўства нашай краіны выклікалі ў грамадзян нямала пытанняў. Сёння знаёмім нашых чытачоў з найбольш актуальнымі зваротамі ўшачан ў аддзел назначэння пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Тлумачэнні дае начальнік службы Кацярына Аляксандраўна ГАБЛАЯ:

– 1 лістапада 2017-га мужу споўніцца 60 гадоў. Калі ён зможа выйсці на заслужаны адпачынак?

– Сёлета мужчыны ідуць на пенсію ў 60 гадоў і 6 месяцаў, у наступным – у 61 год. Паколькі Ваш муж нарадзіўся 1 лістапада 1957-га, то ў 2017-м ён яшчэ не дасягне агульнапрынятага пенсійнага ўзросту. Права на пенсію на агульных умовах ён атрымае з 1 лістапада 2018-га.

Варта падкрэсліць, што права на працоўную пенсію па ўзросце сёлета ўзнікне пры наяўнасці не менш 16 гадоў страхавога стажу. Штогод з 1 студзеня гэты тэрмін будзе павялічвацца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў. Грамадзянам, якія не адпрацавалі мінімальны страхавы стаж і не атрымліваюць пенсію з іншых дзяржаў у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь у галіне сацыяльнага (пенсійнага) забеспячэння, прызначэнне сацыяльнай пенсіі ажыццяўляецца па дасягненні мужчынамі 65 гадоў, жанчынамі – 60. Памер сацыяльнай пенсіі ў сакавіку бягучага года склаў 90 рублёў 5 капеек.

– У маі мне спаўняецца 50 гадоў. З 1989-га працавала ў школе выхавальнікам групы падоўжанага дня, педагогам-арганізатарам, выхавацелем дзіцячага сада. Ці змагу я ўжо ў маі пайсці на пенсію?

– Сапраўды, асобныя катэгорыі педагагічных работнікаў маюць права на пенсію за выслугу гадоў. Агульнапрыняты пенсійны ўзрост паніжаецца ў такім разе на 60 месяцаў. Жанчынам права на такі від пенсіі падаецца пры наяўнасці ў іх спецыяльнага стажу не менш 25 гадоў (гэта неабходна пацвердзіць дакументальна).

Паколькі Вы зараз працуеце, рэкамендую звярнуцца да работадаўцы. Калі права на пенсію за выслугу гадоў пацвердзіцца, яна можа быць Вам прызначана, але не раней лістапада 2017-га.

– Мне ў студзені споўнілася 80 гадоў, я былы малалетні вязень. Чула, што ёсць даплата да пенсіі для людзей майго ўзросту. Ці так гэта?

– Вам да пенсіі ўстаноўлены і выплачваюцца павышэнні і даплаты: як былому вязню месцаў прымусовага ўтрымання ў перыяд вайны і як асобе, якая дасягнула 80 гадоў. Паколькі ў студзені Вам споўнілася 80, з 1 лютага змяніўся памер “узроставай” даплаты: замест 75 ужо 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (з 1 лютага 2017 года гэта 45 рублёў 3 капейкі). Таксама з указанай даты ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” да Вашай пенсіі ўстаноўлена надбаўка на догляд у памеры 50 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

– Я ужо год на пенсіі. У сувязі са зменай заканадаўства ці змянілася штосьці ў адносінах працуючых пенсіянераў?

– Ніякіх змен у выплаце пенсій названай катэгорыі грамадзян не адбылося. У перыяд работы або занятку прадпрымальніцкай дзейнасцю (за выключэннем тых, што звязаны з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі) частка пенсіі, вылічаная з улікам індывідуальнага каэфіцыента заробку звыш 1,3 ім па ранейшаму, не выплачваецца. Нагадаю, што чалавеку, які дасягнуў 75 гадоў і больш, у перыяд працоўнай дзейнасці не выплачваецца даплата да пенсіі, устаноўленая Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

– У мяне жыве стрыечная сястра з Кіева. Яна пенсіянерка, хоча назаўсёды пераехаць у Беларусь. Як яна будзе атрымліваць тут пенсію?

– Пры пераездзе пенсіянера з Украіны на пастаяннае жыхарства ў Беларусь (гэта пацвярджаецца відам на жыхарства з адзнакай аб рэгістрацыі па месцы жыхарства) выплата пенсіі там будзе спынена, а тут прызначана па заканадаўстве нашай краіны. У стаж будзе залічаны час работы на тэрыторыі СССР да 1 студзеня 1992 года. Пазнейшыя перыяды работы на тэрыторыі Украіны будуць уключаны ў стаж пры ўмове выплаты ў гэты час узносаў у Пенсійны фонд Украіны. За работу ж пасля 1 ліпеня 1998-га за межамі Беларусі ў стаж яны могуць уключацца толькі для вызначэння права на пенсію ў нашай краіне.

Рэкамендую Вашай сваячцы да пераезду ў Беларусь узяць ва Украіне даведкі аб заработнай плаце (у савецкіх рублях) з арганізацый, дзе яна працавала да прызначэння пенсіі (але не далей, чым да 1 студзеня 1992-га). Калі ж працоўная дзейнасць мела месца пасля ўзгаданай даты, спатрэбіцца таксама даведка з органаў Пенсійнага фонду аб выплаце ўзносаў на пенсійнае страхаванне за гэты перыяд (але не далей, чым да 1 ліпеня 1998-га).

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *