Ушачане с удовольствием посещают гандбольные матчи кубка Беларуси, которые проходят на базе «Юность-Ушачи»

Cпорт

Нядзельны паядынак ¼ фіналу жаночага кубка Беларусі па гандболе паміж камандамі “Віцябчанка” і “Беразіна” (Бабруйск) парадаваў шматлікіх гледачоў цікавай інтрыгай, а ігракоў – гарачай падтрымкай. І пакуль гандбалісткі спаборнічалі ў майстэрстве, балельшчыкі спрачаліся за званне самага актыўнага: не шкадавалі голасу і далоняў, хварэлі як за ўсю каманду, так і за асобных ігракоў, скандзіруючы іх імёны.

Гаспадыні пляцоўкі ўпэўнена пачалі матч – у сярэдзіне першай паловы на табло гарэлі лічбы 8:2 на іх карысць. Але неўзабаве страцілі канцэнтрацыю, і ініцыятыва перайшла да саперніц, якія да перапынку аднавілі раўнавагу ў ліку. Пакуль жа спартсменкі адпачывалі, на пляцоўку выйшлі юныя ўшацкія аматары гандболу, якія паспрабавалі закінуць мяч у вароты, што абараняла галкіпер віцебскай каманды. Самыя трапныя атрымалі сувеніры. Натхнёныя прыкладам балельшчыкаў, пасля перапынку “падправілі пры­цэл” і віцебскія гандбалісткі – фінальны свісток зафіксаваў лік 34:29 на іх карысць. Такім чынам, на гульню ў адказ, якая пройдзе 17 снежня на пляцоўцы бабруйчанак, прыдзвінская каманда адправіцца з неблагім галявым задзелам. Пераможца па суме двух матчаў выйдзе ў чацвёрку мацнейшых клубаў, якія і разыграюць трафей.

Ну а трыумфатарам глядацкага конкурсу стаў юны заўзятар Іван Белавусаў. На гандбол хлопчык ходзіць са сваёй сям’ёй і сябрамі, не прапускае ніводнай гульні. Да гэтага ж паядынку падрыхтаваўся грунтоўна, разам з мамай намаляваў яркія плакаты і быў сапраўды самым гучным і энергічным! Атрыманы ў падарунак гандбольны мяч Ваня адразу ж апрабаваў у справе, наладзіўшы з сябрамі гандбольную экспрэс-трэніроўку. І гэта надало ўпэўненасці, што экзатычны ў нядаўнім мінулым для нас гульнявы від спорту хутка стане ва ўшачан такім жа папулярным, як валейбол і футбол.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *