Валентина Лукашонок — активная участница хора «Ветеран» и председатель ветеранской «первички» райпо

Ветераны с нами

Перабраць рукамі два кантэйнеры раменьчыкаў і гадзіннікаў, кнопак і невідзімак, гузікаў і іншай дробязі загадчыцы склада тавараў паўсядзённага попыту Валянціне Мікалаеўне Лукашонак даводзілася не раз і не два нават на тыдні – магазіны прамысловых тавараў былі ў часы яе працы ў Кублічах, Вялікіх Дольцах, Касарах, іншых вёсках, а прадаўцы заўсёды імкнуліся максімальна насыціць асартымент. І на яе склад паступала літаральна ўсё: ад мэблі да насовак.

Спачатку яна працавала непасрэдна па спецыяльнасці: заказвала на прадпрыемствах усё запатрабаванае, вывучала попыт. А калі пабудавалі новы будынак і адкрывалі склады, у праўленні райспажыўтаварыства прапанавалі гэтую няпростую пасаду. “Ты, кажуць, не з адной брыгадай знайшла ўзаемаразуменне, а тут патрэбны вопыт зносін з людзьмі, – прыгадвае Валянціна Мікалаеўна. – Так і сталі склады маім месцам працы на 18 год, а заканчвала ў 2003 ужо на прадуктах харчавання”.

Электронных баз уліку тады не існавала, а матэрыяльная адказнасць – на сотні тысяч савецкіх рублёў. Склады ніколі не былі ўтульным месцам: памяшканні вялікія, халодныя, трэба тавар пералічыць, а рукі не слухаюцца. Машыны прыходзілі і па выхадных, але ўсе разумелі слова “трэба”. Валянціна Мікалаеўна выдатна ведала літаральна ўсё, што знаходзілася за тысячамі найменняў у амаль аднолькавых упакоўках на сотнях метраў стэлажоў.

“Прыходзіла ўвечары дадому, галава гудзіць – і прасіла мужа, каб хоць на гадзіну завёз мяне ў лес: там у цішыні і аднаўлялася. Ціхае паляванне і зараз люблю”, – прыгадвае ветэран гандлю, працоўны шлях якой распачаўся ў 1967-м пасля заканчэння кааператыўнага вучылішча. У Віцебскі тэхналагічны інстытут годам раней, калі Ушацкую школу заканчвала тры дзясятых і столькі ж адзінаццатых класаў, дзяўчына з Новага Сяла паступіць не змагла, хаця вучылася добра – двайны выпуск быў па ўсёй краіне, таму і прайсці іспыты было складана. І праз год яна ўжо карміла піражкамі ды катлетамі работнікаў ільнозавода, тады тут працаваў буфет. А яшчэ быў хор, таму сваю сцэнічную дзейнасць жанчына, якая спявае ўсё жыццё, пачынала сярод перапрацоўшчыкаў “беларускага шоўку”.

Зрэшты, выступаць перад публікай яна пачала намнога раней. У чацвёртым класе Плінскай школы малых з вакальнымі здольнасцямі (у Валянціны Мікалаеўны яны ад маці) сабрала і дасканала рыхтавала да канцэртаў і “гастроляў” па навакольных вёсках настаўніца Марыя Кірылаўна Урбан (Яцына). Каб ахвотней заставаліся пасля ўрокаў, купляла ім цукеркі ды пячэнне, а пасля абавязкова праводзіла дадому. “Выключна добры, выдатны чалавек”, – з цеплынёй прыгадвае настаўніцу В.М.Лукашонак.

Была яна салісткай і ў вялікім калектыве гандлёвых работнікаў, і ў “народным” пры ПМК-66. Так што дзесяцігадовы ўдзел у хоры ветэранаў – гэта лагічны працяг яе сцэнічнай кар’еры і вобраза бесклапотнага і жыццярадаснага чалавека. Пявуння, аптымістка, яна “апранае” ўсмешку і стварае вакол сябе настрой.

– Я не перакладала на калег ці тым больш пакупнікоў свайго смутку. Ніхто не ведаў, што на сэрцы кошкі скрабуць, хаця і жылі з калегамі па-сяброўску, адной сям’ёй. Мне шчасціла на сумленных людзей. Давяралі адзін аднаму, без гэтага ў калектыўнай рабоце ніяк, бо немагчыма вызначыць пры нястачах, хто ж нячысты на руку. У нас такіх проста не было. І калі працавала загадчыцай магазіна гаспадарчых тавараў з Г.Качан, Л.Журко, Л.Казак, Л.Радкевіч, В.Біруковай, і калі пабудавалі новы магазін і нас аб’ядналі з мэбляй, у якой раней гаспадарыла адна Р.Тарасеня, і на базе з Л.Слуцкай, В.Радзевіч.

Валянціна Мікалаеўна добра памятае імёны і прозвішчы многіх калег, паколькі мела справу як з адміністрацыяй, так і з прадаўцамі на вёсках, грузчыкамі. Зараз гэта дапамагае ёй спраўляцца з абавязкамі старшыні ветэранскай “пярвічкі” райспажыўтаварыства, у якой 81 чалавек, а таксама і хору ветэранаў:

– Сёлета ў нас 8 юбіляраў, звесткі пра іх падаю ў праўленне, віншуем людзей. На сваё 80-годдзе вельмі рада была бачыць гасцей Людміла Андрэеўна Атрашкевіч, ды і па сабе ведаю, як гэта прыемна, што пра цябе памятаюць: нядаўна сама прымала віншаванні ад праўлення райспажыўтаварыства, ветэранскай арганізацыі раёна. Жыццё на пенсіі не заканчваецца, гэта я дакладна ведаю. Імкнуся ўсіх заманіць да нас у клуб “Ветэран”, а каго і “сілком”, як маю суседку З.М.Жаланкоўскую, прыводжу. Потым “дзякуй” кажуць, бо наш калектыў надзвычай дружны і творчы. Мы адзначаем дні нараджэння, прыдумваем віншаванні – мае дочкі былі проста ў захапленні, калі пабачылі, як мы ўмеем весяліцца, не – проста жыць…

Свае артыстычныя здольнасці Валянціна Мікалаеўна перадала ўнукам: у складзе харэаграфічнага ансамбля “Зорка” гастраляваў па розных краінах Стас, ды і малодшая пявуння Паліна з пяці год па замежных сцэнах. Мяркую, што атрымалі яны ў спадчыну ад дзядоў і актыўны лад жыцця, уменне годна і па-сяброўску жыць сярод людзей.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *