Ветеран Великой Отечественной войны Екатерина Николаевна Василевская отпраздновала 90-летний юбилей

Ветераны с нами

З дзевяностагоддзем Кацярыну Мікалаеўну Васілеў­скую віншавалі ў студзені. Так запісана ў пашпарце. Але яна прызнае зусім іншую дату, і пра гэта ведаюць блізкія ёй людзі. 21 верасня дзверы кватэры яе дачка прадбачліва не зачыняла: чакала гасцей, падрыхтаваўшы для іх салодкія гасцінцы.

Вучні 10 “Б” класа Ушацкай школы на чале з класным кіраўніком Н.М.Герцык і завучам па выхаваўчай рабоце С.Д.Галай неслі кветкі, фрукты ў самаробнай вазе, іншыя падарункі. Заходзяць яны ў гэту кватэру не толькі па знакавых датах, але і проста так, каб праведаць ветэрана Вялікай Айчыннай.

“Нашым іншым падшэфным, якія жывуць у прыватных дамах, рэальна патрэбна дапамога па доме, участку, якую старшакласнікі і аказваюць, – гаворыць Наталля Мікалаеўна. – У кватэры такой работы няма, але ведаем, што Кацярына Мікалаеўна вельмі актыўная жанчына, адкрытая да зносін, таму і госці для яе заўсёды жаданыя. Увогуле, я б ёй уручыла медаль “Я люблю цябе, жыццё”. Нягледзячы ні на што, яна сапраўды радуецца кожнаму дню”.

“А я яшчэ заўсёды вучуся ў Кацярыны Мікалаеўны жаноцкасці, – дадае Святлана Дзмітрыеўна. – Вось сёння ёй 90, а яна як заўсёды прыбраная, не забылася нават і пра губную памаду. Ніколі не выйдзе непадрыхтаванай. Малайчына. А столькі перажыла, я памятаю многае з яе расказаў пра былое Ушаччыны, пра жыццё ў партызанскім атрадзе”.

Не пачуццё доўгу, а шчырая павага прывяла на Савецкую,19 былога старшыню раён­най ветэранскай арганізацыі Уладзіміра Мікалаевіча Малаткаўца: “Мы столькі год знаёмы, яшчэ з часоў майго старшынства ў калгасе “Адважны барацьбіт”, калі яна курыравала ўвесь вясковы гандаль. А ў апошнія часы Кацярына Мікалаеўна была маёй апорай ва ўсіх раённых мерапрыемствах на 9 Мая і Дзень Незалежнасці, прыходзіла на сустрэчы з моладдзю, выступала”.

Сённяшні ж старшыня ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская віншуе цёзку па прозвішчы з 90-гадовым юбілеем ужо другі раз. У пачатку года толькі знаёміліся, высвятлялі “сваяцтва”. З таго часу яна неаднойчы праведвала ветэрана, вельмі часта тэлефанавала. Разумела, як чакае зносін гэты мужны абаяльны чалавек, ведала пра яе чарговыя выпрабаванні. Складаны перыяд перажыла сёлета Кацярына Мікалаеўна, некалькі тыдняў нават не расплюшчвала вачэй, зусім не падымалася з ложка, але сваёй неймавернай прагай да жыцця пераадолела страшную немач. Яна як і раней пры выдатнай памяці, усіх прагадвае, для ўсіх знаходзіць добрыя словы. І заўсёды пазітыўна глядзіць на свет. Напэўна, у гэтым сакрэт яе даўгалецця.

В.Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *