В Ушачском лесхозе подвели итоги деятельности и поощрили лучшие лесничества и работников

Общество

Больш трохсот работнікаў Ушацкага лясгаса штодня спяшаюцца на свае працоўныя месцы, а ў пятніцу большая частка калектыву сабралася разам у зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці з нагоды прафесійнага свята – да Дня работнікаў лесу традыцыйна падводзіліся вынікі работы і гучалі імёны лепшых.

“Менавіта вашай працай дасягнуты тыя паказчыкі, якія на сённяшні дзень мае лясгас. Вы талковыя і добрыя работнікі, выдатна ведаеце сваю справу, – звяртаючыся да калектыву, зазначыў дырэктар прадпрыемства Сяргей Аляксандравіч Даніловіч. – Аб’ём лесанарыхтовак большы за 80 тысяч кубаметраў, экспарт прадукцыі больш за 700 тысяч долараў, заработная плата каля тысячы рублёў і выплачана своечасова, 6 месца ў абласным рэйтынгу – усё гэта за перыяд, які мы пражылі сёлета. Вынікі радуюць, і за іх не сорамна. Але як чалавек, які ўжо чацвёрты дзясятак працуе ў лясной галіне, скажу, што ў нас ёсць яшчэ вялікія рэзервы. Галоўнае, каб была мэта і жаданне!”

Аб тым, што ва Ушацкім лясгасе працуюць сумленныя і старанныя людзі, сведчыла і вялікая колькасць узнагарод розных узроўняў – ад Міністэрства да непасрэдна прадпрыемства. Напрыклад, Алег Харэвіч – у лідарах сярод вадзіцеляў на вывазцы лесу, не першы год за штурвалам тралёвачнай машыны выконвае вялікія аб’ёмы Васіль Мамонаў. Фаварытам штогадовых конкурсаў прафмайстэрства “Лесаруб” з’яўляецца Сяргей Мішын з Касарскога лясніцтва, а яго калега з Плінскага Юрый Владзіёнак не толькі выдатна спраўляецца з пілой, а і абараняе гонар прадпрыемства на спартыўных мерапрыемствах. Усё пра лес ведае ляснік Плінскага лясніцтва Віктар Казлоўскі, які прысвяціў гэтай справе больш 30 гадоў. Як справядліва зазначыў кіраўнік лясгаса, многія з прысутных у зале заслугоўваюць высокіх узнагарод, але адразу ўсіх адзначыць немагчыма ў сілу хаця б справаводчых нюансаў. А вось прэміі да свята атрымаў кожны без выключэння прадстаўнік калектыву. Таксама прэміямі, граматамі і падзякамі прадпрыемства былі адзначаны яшчэ два дзясяткі работнікаў. Прычым, практычна пра кожнага Сяргей Аляксандравіч знаходзіў добрыя словы: “Нікому не трэба тлумачыць, хто такі Аляксей Апёнак і абазначаць яго ўклад у справу!”, “А колькі зроблена за больш чым 40 гадоў Пятром Качаном, які мае ўжо безліч узнагарод!”

Віншаваў работнікаў лясной нівы і першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, які выказаў упэўненасць, што наперадзе ў работнікаў лясгаса новыя вышыні і поспехі.

Не раз са сцэны гучалі і словы ўдзячнасці ў адрас ветэранаў галіны. Лес – гэта своеасаблівы ўраджай, які трэба расціць гадамі не аднаму пакаленню. Таму ў сённяшніх справах ёсць вялікі ўклад і тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку.

Сёлета складаўся рэйтынг работы лясніцтваў па ўсіх накірунках, вынікі ж якраз падводзіліся да прафесійнага свята. Як мы ўжо паведамлялі, першае месца ў ім – за Ушацкім лясніцтвам, на другім і трэцім – Вялікадолецкае і Касарское. І хоць ляснічым на сцэне ўручалі невялікія пакеты з дакументамі, падарункі калектывам-пераможцам былі шыкоўнымі. “Магчыма, нам гэта сніцца ці нейкая памылка ў сцэнарыі: шэсць веласіпедаў!” – ускрыквалі вядучыя. Але гэта не памылка: так, Вялікадолецкае лясніцтва заахвочана шасцю веласіпедамі, якія спатрэбяцца ў рабоце леснікам. Калектыву Ушацкага ўручаны свідравальны і тачыльны станкі, зварачны апарат, электрычны рубанак, шліфмашына і наборы інструментаў, база Касарскога таксама папоўнілася зварачным апаратам і шліфмашынай, а яшчэ кампрэсарам. “Цудоўны стымул працаваць яшчэ лепш!” – зазначалі работнікі лясгаса ў зале, падтрымліваючы пераможцаў працяглымі апладысментамі.

Быў уручаны на свяце і яшчэ адзін сур’ёзны падарунак: ключы ад новага службовага УАЗа атрымаў начальнік лесапункта Віталь Сіцько.

Павіншаваць калектыў Ушацкага лясгаса завіталі і прадстаўнікі прадпрыемстваў-партнёраў – “Белаграпрамбанка”, закрытага акцыянернага страхавога таварыства “ТАСК” г.Віцебска. Ну а работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці падрыхтавалі канцэрт, які прайшоў на адным дыханні.

Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “В Ушачском лесхозе подвели итоги деятельности и поощрили лучшие лесничества и работников

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *