В Ушачах прошла встреча руководства района с молодыми специалистами, прибывшими в район в 2023 году

Образование и молодежь

У бягучым годзе працоўная армія раёна папоўнілася 78 выпускнікамі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Маладыя людзі ўліліся ў калектывы практычна ўсіх сфер дзейнасці. Кожны з іх атрымаў запрашэнне на сустрэчу кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якая адбылася на мінулым тыдні ў музеі народнай славы.

Прыемна, што многія з іх – ураджэнцы нашага раёна. Напрыклад, у родныя Ушачы вярнуўся Мікалай Баратынскі, і хлопца з радасцю сустрэлі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, даверыўшы адказную пасаду начальніка дзяжурнай змены. Хоць і вучылася без мэтавага накіравання, але менавіта на малой радзіме пачала працоўную дзейнасць фельчар Таццяна Крывёнак. Як і Аляксей Сіманаў, які ўліўся ў калектыў Ушацкага лясгаса.

Па 8 спецыялістаў сёлета прыбыло ў сферы медыцыны і адукацыі, прыбавілася моладзі і ў сельгаспрадпрыемствах. Найбольшая колькасць – у “Ільюшынскім”, дзе ёй на старце смела давяраюць адказныя ўчасткі і пасады галоўных спецыялістаў.

“Мы разлічваем на вашы здольнасці і актыўную жыццёвую пазіцыю, – вітаючы моладзь, адзначыў старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі. – Са свайго боку будзем усяляк падтрымліваць, дапамагаць у вырашэнні праблем. Не бойцеся праяўляць ініцыятыву, сумленна рабіце сваю справу, заваёўвайце аўтарытэт. Усё ў вашых руках!”
Тэму кар’еры на сустрэчы закранула і начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В.М.Краўчанка. Яна расказала, як фарміруецца перспектыўны кадравы рэзерв, трапіць у які мае шанц кожны, пры ўмове старанных адносін.

Уважліва слухалі маладыя спецыялісты прадстаўнікоў “Белаграпрамбанка” і “Беларусбанка”, якія расказвалі пра ўмовы крэдытавання будаўніцтва і набыцця жылля, атрыманне пазыкі на дамашнюю маёмасць і тавары першай неабходнасці.

Зацікавіла прысутных інфармацыя пра савет працуючай моладзі і маладзёжную палату Ушацкага раёна, а таксама тое, у якія гурткі, клубныя аб’яднанні можна запісацца і як правесці вольны час.

Сімвалічна, што ў Год міру і стварэння сустрэча прайшла ў нашым музеі, дзе для маладых людзей была арганізавана пазнавальная экскурсія. “Прызнаюся, што з Ушачамі раней не была знаёма, хоць і прыехала сюды працаваць з Наваполацка. Канечне, на новым месцы нязвыкла і хвалююча, але стараюся наладзіць кантакт са сваімі вучнямі. Як настаўнік фізічнай культуры рада, што ў райцэнтры ёсць такі спартыўны комплекс. Вельмі ўразіў і музей!”, – падзялілася з намі педагог Ушацкай школы Вікторыя Аўласенка.

* * *

Акрамя гэтага, намеснікі старшыні райвыканкама правялі з удзельнікамі мерапрыемства асабістыя субяседванні. Арганізатары сустрэчы аднагалосна жадалі маладым спецыялістам “асесці” на ўшацкай зямлі, стварыць тут моцныя, вялікія сем’і і атрымліваць задавальненне ад сваёй работы. Пры гэтым выказвалі спадзяванне, што ў юнакоў і дзяўчат усё атрымаецца, бо побач з імі вопытныя калегі і кіраўнікі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *