Ветеран труда Анна Фёдоровна Судак — сильная духом женщина

Ветераны с нами

Любы жыхар Старога Сяла Жарскага сельсавета скажа пра Ганну Фёдараўну Судак толькі добрыя словы: працавітая, добразычлівая і… моцная духам. Сапраўды, жыццё гэтай жанчыны ніколі не было лёгкім, на яе долю выпала нямала складаных выпрабаванняў. Але насуперак усім абставінам яна старалася пераадольваць тое, ад чаго ў іншых апусціліся б рукі.

Яе дзяцінства прыпала на цяжкія ваенныя гады – без цацак, лялек ды прыгожых сукенак. У памяць Ганны Фёдараўны яскрава ўрэзалася, як немцы хацелі застрэліць яе бабулю, на вачах малой дзяўчынкі прыставіўшы да яе ружжо, як прыходзілася хавацца ад ворагаў, а аднойчы адзін з немцаў падзяліўся з ёй ежай…

Пасля заканчэння вайны таксама было цяжка: мнагадзетнай сям’і, у якой расло пяцёра дзяцей, трэба было неяк выжываць. “Часам не было чаго есці і, каб дапамагчы бацькам, у сёмым класе пайшла на мясцовую ферму даглядчыцай. Там жа працавала мая маці, у калгасе быў і бацька,” – прыгадвае Ганна Фёдараўна.

З таго часу яе жыццё і было непарыўна звязана з сельскай гаспадаркай. Разам з аднавяскоўцамі шчыравала на льняных палетках, уручную жала – ніякай работы не баялася. Амаль 30 гадоў Г.Ф.Судак адпрацавала на старасельскай ферме лабарантам – адпаведную адукацыю атрымала яшчэ ў маладосці ў Лепелі. Да сваіх абавязкаў заўсёды ставілася надзвычай сумленна і “хварэла” за справу.

Вернай яна засталася і роднай вёсцы. Выйшла замуж за мясцовага хлопца Уладзіміра, разам пабудавалі дом і вырасцілі трох цудоўных сыноў. Здавалася б, нічога не перашкодзіць простаму сямейнаму шчасцю, але лёс распарадзіўся інакш.

Сыну Анатолю давялося працаваць у чарнобыльскай зоне якраз пасля той красавіцкай аварыі. Будучы вадзіцелем, ён падвозіў раствор да атамнай станцыі. Гэта, безумоўна, наклала моцны адбітак на яго здароўе і ён памёр вельмі рана. Бацькі хацелі, каб сын знайшоў апошні спачын у роднай вёсцы, але яго сям’я прыняла рашэнне пахаваць яго ў Сасновым Бары Ленінградскай вобласці, дзе яны жылі.

Не было спакою сэрцу маці, калі другі сын Яўген адправіўся служыць у Капусцін Яр, што ў Астраханскай вобласці Расіі, дзе размяшчаўся вядомы ракетны палігон.

– Аднойчы Жэня даслаў мне ліст, у якім пісаў: “Жыў, здароў, але ўбачыцца, напэўна, не давядзецца”, – не стрымліваючы слёз, расказвае Ганна Фёдараўна. – На службе ён атрымаў вельмі сур’ёзную траўму пазваночніка. Немагчыма перадаць словамі, як моцна перажывала і малілася аб яго выздараўленні! І ён выкарабкаўся і змог прыехаць, але адмерана лёсам яму было вельмі мала…

Пахаваўшы другога сына, у жанчыны ўсё валілася з рук. Цяжка было спраўляцца з такім горам. Але было дзеля каго жыць – у родным Старым Сяле застаўся працаваць і стварыў сям’ю малодшы Віктар, ён ва ўсім заўсёды дапамагаў бацькам, падтрымліваў. “Пазней ён з сям’ёй пераехаў у пасёлак Дружны на Міншчыне, але пастаянна наведваўся, а мы з мужам засталіся ўдваіх. А 12 гадоў таму не стала і майго спадарожніка жыцця”, – з болем зазначае жанчына.

І ўсё ж, яна стараецца не сумаваць. Завіхаецца ў справах каля дома, падтрымлівае ўзорны парадак у хаце і на сядзібе. Сваім багаццем і радасцю лічыць пяцярых унукаў і шасцярых праўнукаў. Не так даўно да яе на 80-гадовы юбілей прыехалі ўсе родныя, нават з Ленінградскай вобласці. “Як на вяселле! Прыемна, што сабрацца ўсім разам была іх ініцыятыва, вырашылі зрабіць мне вось такі падарунак!” – гаворыць Ганна Фёдараўна. Прымала яна ў гэтыя дні шмат іншых прэзентаў і пажаданняў, сярод якіх – абавязкова сустрэць яшчэ не адзін юбілей!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *